«Прыйшлі такія нахабныя. Нібыта на перамовы, а па факце прымаць капітуляцыю парламента». Гігін пахваліўся гісторыяй з жніўня 2020 

Гісторыі, пра якія нельга маўчаць.

21.03.2024 / 14:55

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Гігін падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гісторыі, якая адбылася ў жніўні 2020 года.

«Добра запомніўся дзень 14 жніўня 2020 года. Тады ў Палату прадстаўнікоў заявілася «дэлегацыя»: Алег Гулак («Беларускі Хельсінкскі Камітэт»), быццам бы ад БХК была і Таццяна Процька, Валянцін Стэфановіч («Вясна»), і хтосьці ад Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Прыйшлі яны такія ганарлівыя, нахабныя. Нібыта на перамовы, а па факце прымаць капітуляцыю парламента. Давялося ім сёе-тое патлумачыць. Ад Палаты прадстаўнікоў старэйшым быў віцэ-спікер Валерый Міцкевіч, удзельнічалі многія вядомыя нашы дэпутаты.

Я прадстаўляў Беларускі саюз журналістаў. Тады пасланцам экстрэмістаў растлумачылі, што, можа, у іх і «рэвалюцыя», але далёка не ўсе рэвалюцыі сканчаюцца поспехам. І вось калі яны правальваюцца, тады гора-«рэвалюцыянерам» можа не паздаровіцца. А іх «рэвалюцыя» дакладна праваліцца, бо мы будзем за нашага прэзідэнта гарой. Ворагу давядзецца сутыкнуцца з калектыўным Лукашэнкам. Параілі ім прыбірацца падабру-паздарову.

«Парламенцёрам» добра давалі ў косці нашы парламентарыі. Асабліва ўрэзаліся ў памяць выступы Алега Гайдукевіча і Ігара Марзалюка.

Узгадваю і сваю пікіроўку са Стэфановічам. Той завёў катрынку пра «гвалт, збіццё і дыктатуру».

— Вы яшчэ дыктатуры не бачылі, — адказаў я.

— Што Вы маеце на ўвазе?

— Не супакойцеся — пазнаеце.

Так і сышлі яны ні з чым».

Напрыканцы допісу Гігін кпіць з таго, што Алег Гулак памёр у Вільні, Валянцін Стэфановіч знаходзіцца ў калоніі, а БАЖ і БХК былі разгромленыя.

Дарэчы, выглядае, што менавіта пасля той сустрэчы ў цэнтры Мінска сустрэлі п'янага Ігара Марзалюка. Дэпутат пасля даводзіў, што перанес інсульт на нагах.

В Минске замечен очень грустный депутат Марзалюк, который стал известен благодаря аплодисментам Лукашенко со слезами pic.twitter.com/H2Ws2PzyYk

— Чай з варэннем (@belteanews) August 14, 2020

Nashaniva.com