Стаў вядомы прысуд па справе медцэнтра «Новы зрок»

У ліпені мінулага года медцэнтр пазбавілі ліцэнзіі.

20.03.2024 / 16:21

Медцэнтр «Новы зрок» у Гомелі. Фота: eyes.by

Падставай для паўбаўлення ліцэнзіі сталі парушэнні заканадаўства, якія выявіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. У тым ліку медцэнтр абвінавачвалі ў тым, што для атрымання ліцэнзіі былі прадастаўлены падробленыя дакументы з недакладнымі звесткамі аб адказных асобах, якія не працавалі ў арганізацыі, у тым ліку дактары. Тады ж прадстаўнікі «Новага зроку» заявілі, што сетка медцэнтраў цалкам спыняе працу і сыходзіць з рынку Беларусі.

Паколькі першапачаткова былі прадастаўлены недакладныя звесткі, гаворка ідзе аб пазбаўленні ліцэнзіі з моманту яе выдачы, г.зн. з 2011 года. Прадстаўнікоў «Новага зроку» ў судзе не было.

Цэнтр папрасілі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць па частцы 1 артыкула 13.3 КаАП, якая прадугледжвае для юрыдычнай асобы штраф да 500 базавых велічынь з канфіскацыяй да 100% сумы даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці.

Паколькі тэрмін адміністрацыйнага спагнання абмежаваны трыма гадамі, разглядаюць даход медцэнтра за 2022 год: крыху больш за 17 млн рублёў — так ацанілі выручку за вылікам ускосных падаткаў і дакументальна пацверджаных выдаткаў.

У выніку «Новы зрок» аштрафавалі на 500 базавых велічынь (20 тыс.рублёў), а стоадсоткавая канфіскацыя даходаў, атрыманых ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, складае 17 млн рублёў.

Nashaniva.com