Што не так з пашпартам «Новай Беларусі» для кэдэбіста, паказаным на АНТ

Пры больш дэталёвым разглядзе ўвагу на сябе звяртае некалькі момантаў.

19.03.2024 / 23:42

Пашпарт, паказаны на АНТ. Скрын відэа сюжэта

У эфіры тэлеканала АНТ паказалі, як сцвярджаецца, пашпарт «Новай Беларусі» нібыта з першай пробнай партыі. Ён выдадзены на імя Коласава Генадзя Баляслававіча. Прыкол у тым, што гэта неіснуючы персанаж, чыё імя ўяўляе сабой абрэвіятуру КГБ.

Чаму ён непадобны да сапраўднага?

Ігар Тур трымае пашпарт, які нібыта выдаў Офіс Ціханоўскай. Скрын відэа АНТ

Ідэнтыфікацыйны нумар

У пашпартах «Новай Беларусі» ён будзе тым жа, што і ў выдадзеным раней звычайным пашпарце (але нумар самой кніжкі будзе іншы).

Асабісты нумар уяўнага кэдэбіста пачынаецца з лічбы 5. Але гэта немагчыма. «Коласаў» — 1978 года нараджэння, таму яго нумар павінен пачынацца з лічбы 3. Бо 5 ставілі для мужчын, якія нарадзіліся ў 21-м стагоддзі. Пазней сістэму нумарацыі змянілі, але на момант нараджэння «Коласава» яна была такой.

Код краіны

У паказаным на АНТ пашпарце стаіць BLR — код Беларусі. Аднак прадстаўнік Аб'яднагага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі раней казаў, што яны дамовіліся з іншай краінай, якая дазволіць карыстаць яе нумар. Што гэта будзе за краіна, не называлася, але беларускі код дакладна стаяць не будзе.

Дэталі афармлення

У паказаным на АНТ пашпарце не тыя шрыфты, апошняя старонка папяровая, а не полікарбанатная, няправільная транслітарацыя (павінна было б быць Hienadź, а не Hienadž). 

Так мусіць выглядаць апошняя старонка. Скрын відэа прэзентацыі пашпарта «Новай Беларусі»

Як раней пракаментаваў Кавалеўскі, у Кабінета яшчэ няма ўзораў і прыём заявак на атрыманне пашпартоў не адкрываўся.

Nashaniva.com