Урсула фон дэр Ляен стала вядучым кандыдатам Народнай партыі на еўрапейскіх выбарах

На з'ездзе ў Бухарэсце найбуйнейшая палітычная сям'я кантынента зацвердзіла ў якасці лідара свайго спісу на выбарах у Еўрапарламент сённяшнюю сваю кіранічку Урсулу фон дэр Ляен, паведамляе Еўраньюс.

07.03.2024 / 16:03

Фота: Andreea Alexandru / AP

Калі Еўрапейская народная партыя атрымае большасць парламенцкіх месцаў, фон дэр Ляен зможа застацца старшынёй Еўракамісіі яшчэ на пяць гадоў. Але за гэтую пасаду ёй давядзецца пазмагацца на перадвыбарных мітынгах і тэледэбатах з вядучымі кандыдатамі ад іншых партый (удзельнікаў гэтага дэмакратычнага працэсу называюць нямецкім словам Spitzenkandidaten).

Былая міністарка абароны Нямеччыны ўжо абвясціла асноўнай задачай свайго другога тэрміну на пасадзе кіраўніка Вышэйшага органа выканаўчай улады Еўрасаюза ўмацаванне абараназдольнасці ЕС.

Правацэнтрысцкая ЕНП, якая аб'ядноўвае Хрысціянска-дэмакратычныя, ліберальныя і кансерватыўныя партыі Еўропы, хутчэй за ўсё, застанецца найбуйнейшай фракцыяй вышэйшага заканадаўчага органа Саюза пасля Чэрвеньскага галасавання.

Nashaniva.com