На поўначы Польшчы нарабіла шуму падзенне метэаралагічнага зонду

У панядзелак, 4 сакавіка, стала вядома, што ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве (паўночная частка Польшчы) прызямліўся невядомы аб'ект. Пра гэта ў мясцовую паліцыю паведаміў вясковы жыхар.

04.03.2024 / 18:20

«Мы будзем высвятляць, што гэта за аб'ект і адкуль ён прыляцеў. Усё сведчыць пра тое, што гэта метэазонд», — сказаў прадстаўнік паліцыі Вармінска-Мазурскага ваяводства Рафал Яцкоўскі.

Яцкоўскі таксама дадаў, што метэаралагічны зонд, паводле неафіцыйных звестак, мог прыляцець з Калінінградскай вобласці.

Паводле яго слоў, здарэнні такога роду не з'яўляюцца рэдкасцю і перыядычна з метэазондамі адбываюцца падобныя выпадкі. Тым не менш, некаторыя польскія сродкі масавай інфармацыі мяркуюць, што гаворка ідзе пра «вайсковы аб'ект».

Неўзабаве кіраўнік Мінабароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Кашым пацвердзіў, што аб'ект, які ўпаў у Польшчы ў панядзелак, з'яўляецца метэаралагічным зондам.

Чытайце таксама:

У польскім сэкандзе знайшлі мерч Лукашэнкі

У Польшчы кіроўцы прыкрываюцца беларусамі, каб не плаціць штрафы за перавышэнне хуткасці

Польскі Кангрэс жанчын звярнуўся да палітыкаў пасля смерці згвалтаванай беларускі

Nashaniva.com