Беларусь і Расія стварылі камісію для «абароны гістарычнай праўды»

Беларусь і Расія займаюцца стварэннем супольнай камісіі, якая, паводле задумы, будзе абараняць «гістарычную праўду» і спрыяць развіццю асветніцкай дзейнасці ў гістарычнай сферы. Пра гэта заявіў пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

26.01.2024 / 17:06

Адпаведны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міжведамаснай камісіяй гістарычнай асветы пры прэзідэнце Расіі і Рэспубліканскай радзе гістарычнай палітыкі пры Лукашэнку быў падпісаны 25 студзеня ў Мінску.

Мемарандумам прадугледжана стварэнне супольнай расійска-беларускай камісіі па гісторыі. Яе мэтай, як мяркуецца, будзе каардынацыя «двухбаковых намаганняў, звязаных з абаронай гістарычнай праўды, захаваннем памяці пра нашую агульную гісторыю, што адлюстроўваецца ў тым ліку ў навучальнай літаратуры, а таксама з развіццём асветніцкай, экспертнай, кансультацыйнай і іншай грамадска значнай дзейнасці ў галіне гісторыі», паведаміў Грызлоў.

Подпісы пад дакументам паставілі старшыня Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Уладзімір Мядзінскі і старшыня адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. 

Чытайце таксама:

«Можа, у нейкай ступені будзе не танна». Для прапагандыстаў Расіі і Беларусі створаць агульны медыяхолдынг

Марзалюк: Мы еўрапейцы. Еўразійства — гэта трызненне

«Але ворага трэба бачыць». Нарада Лукашэнкі ў БДУ была злавеснай

Nashaniva.com