Хто той суддзя, які асудзіў на зняволенне Вадзіма Храсько — палітвязня з цяжкай хваробай, якая стала смяротнай

Сяргей Хрыпач працуе ў гарадскім судзе не менш за пятнаццаць гадоў. За гэты час ён паспеў двойчы патрапіць пад санкцыі і асудзіць беларусаў на некалькі соцень гадоў. Але па сацсетках не скажаш, што Хрыпач суддзя: там ён лайкае аголеных жанчын і публікуе расплывістыя «мудрыя» цытаты.

13.01.2024 / 18:34

Сяргей Хрыпач. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Больш за 15 гадоў у рэпрэсіях

Сяргею Хрыпачу 57 гадоў. Ён мінчук, скончыў 98-ю школу ў Серабранцы. Пасля пайшоў на юрфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Невядома, калі ён стаў суддзёй, але ў Мінскім гарадскім судзе ён дакладна працуе з «нулявых».

Першыя паведамленні пра тое, што Хрыпач замяшаны ў рэпрэсіях, датуюцца 2008-м годам. Ён адхіліў скаргу па «справе 14-ці» — палітычна матываванай справы супраць актывістаў, якія 10 студзеня 2008-га паўдзельнічалі ў страйку прадпрымальнікаў.

Пасля гэтага ён адзін з першых патрапіў у санкцыйныя спісы ЕС за тое, што адхіліў апеляцыйныя скаргі асуджаных за ўдзел у пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га года — Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, Мікалая Статкевіча і шэрагу іншых вязняў.

Удзельнікі «Плошчы-2010» падчас суда. Фота: Белапан

Пасля гэтага ад рэпрэсій яму дазволілі «адпачыць». Але ён вёў шэраг гучных спраў апошніх дзесяці гадоў, напрыклад, справу трагедыі на вуліцы Гая ў 2015-м, калі мужчына спрабаваў забіць сваю жонку і дзяцей, а пасля ўрэзаўся на вялікай хуткасці ў іншы аўтамабіль, дзе загінулі двое. А таксама «справу 17-ці» ў 2016-м, калі групу людзей вінавацілі ў арганізацыі наркашопа, а сярод абвінавачаных былі мусавец і кадэбэшнік.

Заплюшчвае вочы на катаванні, прысуджае вялізарныя тэрміны

Сяргей Скрыпач. Фота з ягонай старонкі Укантакце

«Зорны час» Хрыпача, як і іншых палітычных суддзяў, прыйшоў пасля 2020-га. Ён судзіў Аляксандра Троцкага, якога вінавацілі ў наездзе на супрацоўніка ДАІ. А справа была такая: 12 жніўня машыну Троцкага акружылі ўзброеныя даішнікі і адзін з іх без дай прычыны дастаў зброю ды пачаў тыцкаць ёй у Аляксандра. У адказ на гэта ён паспрабаваў з'ехаць, але яму пад колы кінуўся даішнік. Пашкоджанняў той не атрымаў, але Троцкага вінавацілі ў «спробе забойства міліцыянта».

Самога Аляксандра вельмі моцна катавалі пасля затрымання:

«Мяне збівалі з ужываннем дубінак, пісталета і з ужываннем газавага балончыка, распыліўшы мне яго ў твар. Практычна з самага пачатку збіванняў самастойна перасоўвацца я ўжо не мог».

Збіты Аляксандр Троцкі ў лякарні. Фота: TUT.BY

Аляксандру Троцкаму прысудзілі дзесяць гадоў пазбаўлення волі. На той момант гэта быў самы жорсткі прысуд удзельніку пратэстаў.

Такія ж гісторыі паўтарыліся з Ягорам Дуднікавым і Дзмітрыем Падрэзам. Іх абодвух моцна збілі пры затрыманні, але Хрыпач не звярнуў на гэта ўвагі. Яны атрымалі 11 і 7 гадоў калоніі адпаведна.

Сярод гучных спраў, якія вёў Хрыпач — справа «Рэвалюцыйнага дзеяння», па якой праходзілі Марфа Рабкова і Аляксандр Францкевіч, і «справа падпалу дома Гайдукевіча», па якой праходзіла Сям'я Вайцяховічаў і Вадзім Пракоп'еў. Па гэтых справах ён прысудзіў фігурантам больш за 300 гадоў турмы на ўсіх.

«Змова сілавікоў»: хто тыя афіцэры, якіх судзяць разам з Пракоп'евым

Агулам жа беларусам Хрыпач толькі па вядомых справах прысудзіў пад пяцьсот гадоў турмы. За гэта ён уключаны ў санкцыйныя спісы ЕС і Вялікабрытаніі.

Ёсць у Сяргея і маленькая слабасць. У Аднакласніках ён пастаянна ставіць «класы» фотам аголеных жанчын.

«Класы» са старонкі ў Аднакласніках суддзі Сяргея Хрыпача

А Укантакце сярод самых папулярных падпісак Сяргея — групы з эротыкай і порна.

Скрыншот са старонкі Укантакце Сяргея Хрыпача. Спіс групаў такога кшталту далёка няпоўны

На сваёй «сцяне» Укантакце Хрыпач публікуе ў асноўным «шматзначныя» цытаты, якія былі папулярныя сярод дзяўчат-падлеткаў у «нулявых».

Скрыншот са старонкі Сяргея Хрыпача Укантакце

Вадзім Храсько — чацвёрты палітвязень, які памёр за кратамі. Перад ім загінулі актывіст Вітольд Ашурак, блогер Мікалай Клімовіч і мастак Алесь Пушкін.

Чытайце таксама:

Алесь Пушкін мучыўся страшнымі болямі, але яго не шпіталізавалі. Хто начмед у турме, дзе ён памёр

Суддзя, вядомая многім палітвязням, і пракурор з медалём ад Лукашэнкі. Хто судзіў Алеся Пушкіна

«Ціхі чалавек з мяккім голасам». Хто тыя суддзя і пракурор, якія адправілі ў калонію блогера Клімовіча — палітвязня, які памёр за кратамі

Nashaniva.com