Кватарантка арэнднай кватэры палічыла, што шмат плаціць. Аказалася, што яна мае рацыю

Дзяўчына з'яўляецца маладым спецыялістам, жыве ў арэнднай кватэры ў Мазыры. І вось якраз налічэнні за гэтую самую арэндную кватэру яе і бянтэжылі. Давялося ісці на прыём да генеральнага пракурора, піша Onliner.by.

09.01.2024 / 10:59

Ілюстрацыйнае фота

Скарга была пачутая, і было высветлена, што камунальнікі сапраўды не маюць рацыі. «Былі выяўленыя сістэмныя парушэнні ў парадку налічэння плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі і карыстанне арэндным жыллём», — такі быў афіцыйны каментар.

Як аказалася, агульная плошча 290 арэндных кватэр была завышаная на цэлых 698 квадратных метраў. Пракруціць гэта было не складана: да жылых метраў дадавалі плошчы балконаў, што супярэчыць заканадаўству. Дзякуючы такой няхітрай маніпуляцыі на рахунках камунальных службаў аселі лішнія 90 000 рублёў (за паслугі ЖКГ і ўласна арэнду).

У дачыненні да камунальнікаў, якія не праводзілі абавязковую штогадовую інвентарызацыю (з-за чаго і захоўвалася гэтая памылка), быў ініцыяваны адміністрацыйны працэс. Цяпер адказным асобам трэба будзе не толькі зрабіць інвентарызацыю арэндных кватэр, але яшчэ і ўнесці змены ў дамовы найму, а таксама пры выяўленні разыходжанняў у лічбах зрабіць пераразлік.

Пры гэтым у пракуратуры выказалі здагадку, што такая праблема можа быць не толькі ў адным канкрэтным мазырскім шматпавярховіку. Цяпер будуць правераны арэндныя дамы ва ўсіх рэгіёнах краіны. Асобную ўвагу нададуць парадку інвентарызацыі. Калі дзесьці ўскрыюцца аналагічныя праблемы, жыхарам зробяць пераразлік.

Nashaniva.com