НІШО будзе! З’явіўся адкрыты слоўнік беларускага слэнгу, які можа дапоўніць кожны

Актывісты стварылі анлайн-слоўнік «НІШО», у якім, паводле задумы, будуць збірацца сучасныя беларускія словы, слэнг гарадскіх і сельскіх супольнасцяў, прафесійны жаргон, а таксама старыя словы, якія набываюць новыя сэнсы ў сучасным кантэксце. 

13.06.2023 / 17:36

НІШО: Твая мова — твае правілы

Праект стварыў актывіст Міхаіл Волчак са сваёй невялікай валанцёрскай камандай дызайнераў і праграмістаў. Ідэя ўзнікла восенню 2022 года на першым хакатоне digital-рашэнняў «Культурны код», які праводзіўся Беларускай Рада культуры і Imaguru Startup HUB Vilnius.

Слова «Нішо», якое ўзятае ў якасці назвы слоўніка, на заходне-палескім дыялекце азначае «нешта». Яно выбрана, відаць, невыпадкова, бо сам Волчак займаўся пчалярствам у палескай вёсцы.

У адрозненне ад іншых слоўнікаў, ствараць яго будуць не лінгвісты ці прафесійныя літаратары, а простыя людзі: адмыслоўцы ў розных галінах, падлеткі, блогеры, журналісты, наогул любы, хто штодзённа карыстаецца мовай. Каб пачаць дадаваць словы, дастаткова проста зарэгістравацца. Тым не менш каманда шукае гіка-лінгвіста, які дапаможа праекту ў зборы словаў і мадэрацыі кантэнту.

Прыклад слоўнікавага азначэння

Як тлумачыць свтаральнік сайта, «слэнг можа быць прафесійны, гарадскі, узроставы, рэгіянальны, сельскі, субкультурны, наогул, любы, якому вы лічыце варта быць у беларускай мове».

«Ваша — мова, вашы — правілы. І тады дакладна нішо будзе!» — тлумачаць стваральнікі сайта. 

Падобныя праекты існуюць і для іншых моў. Найбольш вядомым з'яўляецца анлайн-слоўнік моладзевых слоў і фраз англійскага слэнгу Urban Dictionary, створаны яшчэ ў 1993 годзе, які змяшчае больш за 7 мільёнаў слоўнікавых азначэнняў. Матэрыялы на ім таксама рэдагуюцца валанцёрамі і ацэньваюцца наведвальнікамі сайта.

Nashaniva.com