Пранкеры Ваван і Лексус пад відам Парашэнкі дазваніліся да Ціханоўскай

На інтэрв'ю да кіраўніка АНТ Марата Маркава прыйшлі пракрамлёўскія пранкеры Ваван і Лексус. Яны паказалі відэа розыгрышу Святланы Ціханоўскай. Праўда, у пранку, які прапаганда выстаўляе як сенсацыйныя прызнанні, нічога сакрэтнага насамрэч не прагучала.

02.06.2023 / 16:40

Скрын відэа АНТ

Відэа паказалі асобнымі кавалкамі. Калі яго запісалі, не называецца. Святлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі Офіса падключыліся да званка па відэасувязі. У адказ на пытанні пранкераў агучылі фактычна тое ж, што кажуць на інтэрв'ю і міжнародных сустрэчах.

Так, Ціханоўская расказвала, што яны адстойваюць пазіцыю, каб не здымалі санцыі на калій з Лукашэнкі.

Пасля да размовы падключыўся Валер Кавалеўскі, які тлумачыў, хто лабіруе зняцце санкцый — краіны Паўднёвай Еўропы з сувязямі ў Лацінская Амерыцы (якая асноўныя спажывец беларускага калію).

Ціханоўская разважала таксама пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — што гэта вялікая пагроза, бо пасля будзе цяжка выгнаць расійскіх вайскоўцаў.

Пра полк Каліноўскага палітык сказала, што яны падпарадкуюцца УСУ і дэмсілы не могуць загадаць ім вызваліць Беларусь, бо добраахвотнікі ў падначаленні ва ўкраінскай арміі.

Да званка далучыўся таксама Франак Вячорка і стаў размаўляць на украінскай мове. Відэа пасля паказваецца ў перарваным выглядзе, але, відаць, пасля гэтага «Парашэнка» прапанаваў паслухаць украінскі гімн.

«Навошта?» — спытала на гэту нечаканую прапанову Ціханоўская.

«Прабачце Пётр Аляксевіч набухаўся пасля сустрэчы ў Бруселі і з вамі хацеў бы бухнуць, калі што, як прыедзем, сустрэнемся», — сказаў іншы пранкер, які прыкідваўся памочнікам Парашэнкі

«Ну, мы не бухаем», — адказала Ціханоўская.

Гэты пранк Ваван і Лексус назвалі падарункам для Маркава.

Уладзімір Кузняцоў (Ваван) дадаў таксама, што яны рабілі ад імя Ціханоўскай пранкі з рознымі палітыкамі і фондамі.

У 2014-м гэтыя ж пранкеры разыгралі Аляксандра Лукашэнку. Яму пазванілі пад выглядам сынам былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і пыталіся пра магчымасць палітычнага прытулку. Пасля пранка звольнілі прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Пяткевіч.

Nashaniva.com