Пасля арышту Алену Анісім звольнілі з Акадэміі навук

Алена Анісім працавала ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пасля адбыцця 12 сутак адміністрацыйнага арышту, яе звольнілі. Пра гэта распавялі сябры Анісім, піша «Позірк».

02.06.2023 / 11:07

Алена Анісім. Фота: Наша Ніва

Сама экс-дэпутат і экс-старшыня ТБМ пакуль адыходзіць ад таго, што адбылося, на лецішчы і недаступная для каментароў.

Анісім затрымалі 17 мая на працоўным месцы. З таго часу пра яе нічога не было вядома. Учора праваабаронцам стала вядома, што арышт скончыўся 12 суткамі.

Алену Анісім судзілі за «дробнае хуліганства» — нібыта ў будынку РУУС Першамайскага раёна Мінска экс-дэпутат «крычала, размахвала рукамі, паводзіла сябе агрэсіўна, на просьбы супакоіцца не рэагавала».

Nashaniva.com