«Адзін аднаго ведаем яшчэ з 1-й і 2-й вайны ў Чачні». Перапалка «кадыраўцаў» і «прыгожынцаў» выйшла на новы ўзровень

Паплечнікі Рамзана Кадырава пачалі пагражаць Яўгену Прыгожыну пасля яго слоў пра сумнеўныя дасягненні на вайне ва Украіне спецпадраздзялення «Ахмат» і прапанавалі асабіста сустрэцца. На гэта нечакана адрэагаваў сузаснавальнік «Вагнера» Дзмітрый Уткін. Менавіта яго пазыўным «Вагнер» і названа сумна вядомая расійская ПВК. Раней Уткін не быў заўважны ў публічных выступах, але цікаава не толькі гэта.

02.06.2023 / 00:17

Дзмітрый Уткін (злева). Скрын відэа

31 мая Рамзан Кадыраў абвясціў аб перадыслакацыі чачэнскіх падраздзяленняў у «ДНР». Паводле Кадырава, яны павінны захапіць «цэлы шэраг населеных пунктаў». Якіх менавіта, не ўдакладнялася.

Каментуючы патэнцыял «Ахмата» заняць усю «ДНР», кіраўнік ПВК «Вагнер» заявіў, што ён не ведае, дзе будуць знаходзіцца «ахматаўцы». Чачэнцаў абурыла тое, што Прыгожыну нібыта «незразумела, чым займаюцца» чачэнскія байцы.

Дэпутат Дзярждумы, стрыечны брат Кадырава Адам Дэлімханаў адказаў, што «Ахмат» заўсёды выконвае задачы, пастаўленыя вярхоўным галоўнакамандуючым, і назваў Прыгожына «блогерам».

Старшыня парламента Чачні Магамед Даудаў абвінаваціў у стварэнні «панічных настрояў» сярод расіян і заклікаў «Жэню» не забываць, «адкуль у яго прыватнай ваеннай кампаніі, самалёты, верталёты».

Абодва прапанавалі вырашыць пытанні пры сустрэчы — «як мужчына з мужчынам».

Пасля гэтага прыгожынскія тэлеграм-каналы пачалі хэйціць аперацыі чачэнскіх падраздзяленняў. У прыватнасці, канал Grey Zone апублікаваў пост з апавяданнямі неназваных байцоў пра тое, што чачэнскія атрады не змагаюцца на перадавой. «Байцы задаюцца пытаннем, а якія такія аперацыі наогул правялі чачэнскія падраздзяленні? Яны збіралі на камеры дзясяткі тысяч салдат, і дзе ўсе яны?» — гаворыцца ў пасце тэлеграм-канала, які звязваюць з заснавальнікам ПВК «Вагнер».

Прыгожын у адказ на заклік Дэлімханава «пазначыць час і месца» для тлумачэнняў і заявіў, што яго кантакты вядомыя ўсім удзельнікам дыскусіі.

Увечары да перапалкі раптам падключыўся сузаснавальнік «Вагнера» Дзмітрый Уткін.

«Мы ўжо знаходзімся ў Трэцяй сусветнай вайне. І ў сувязі з дзеючымі падзеямі цалкам згодны — пэўных грамадзян трэба ставіць да сценкі, за тую ганьбу, якую маем. У ПВК «Вагнер» ніколі не было, няма і не будзе панічных настрояў. <…>

Пагаварыць як «мужчына з мужчынам» заўсёды гатовыя. Тым больш, што адзін аднаго ведаем яшчэ з 1-й і 2-й вайны ў Чачні», — напісаў ён.

Такім чынам, у сваёй першай публічнай заяве, у якой Уткін звярнуўся да Даудава, ён нагадаў пра іх знаёмства з часоў Першай і Другой чачэнскіх войнаў. Тады Даудаў ваяваў на баку баевікоў, але пасля абвяшчэння Ахматам Кадыравым амністыі «выйшаў з лесу» і ўступіў у шэрагі РФ.

Дзмітрый Уткін жа, як піша Стралкоў-Гіркін, ваяваў у складзе падраздзяленняў спецназа ГРУ Генштаба, то-бок яны былі па розныя бакі.

Чытайце таксама:

«Гавары месца, дзе пабачымся». Паплечнікі Кадырава наехалі на Прыгожына і прапанавалі высветліць адносіны

«Пачвары смярдзючыя, вы што робіце?» Прыгожын накінуўся на Мінабароны Расіі

«Вагнераўцы» пасля адыходу з Бахмута перагрупаваліся ў трох месцах

Прыгожын заявіў, што Расія «абасралася», а «ўкраінцы адны з наймацнейшых у свеце»

Nashaniva.com