У Белгародскай вобласці рыхтуюцца да эвакуацыі цэлага горада

Улады Белгарадскай вобласці пачынаюць эвакуацыю горада Шабекіна, які знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад мяжы з Харкаўскай вобласцю Украіны. Заклікі да эвакуацыі прыгранічных населеных пунктаў гучалі ў Расіі і раней, але ўпершыню рашэнне аб вывазе жыхароў датычыцца райцэнтра з насельніцтвам у 40 тысяч чалавек, піша BBC. 

01.06.2023 / 17:54

Шабекіна сёння днём. Фота: SOTA

Абстрэлы Шабекіна і яго наваколляў узмацніліся ў апошнія некалькі дзён. Мясцовыя жыхары паведамлялі аб разрывах снарадаў. Апошнія дні ў горадзе пастаянныя перабоі з электрычнасцю і вадой. 

У чацвер раніцай у сацыяльных сетках распаўсюдзілася відэа падпаленага шматпавярховага будынка, як мяркуецца, — інтэрната, у цэнтры горада, побач з гарадской адміністрацыяй. Агонь, як бачна на кадрах, ахапіў увесь дах будынка, пажарных службаў побач не было.

Напярэдадні губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што дамовіўся з уладамі некалькіх рэгіёнаў аб прыёме каля 1200 чалавек. Ён заявіў, што першыя некалькі соцень жыхароў будуць вывезены ў Пензу і ў Калужскую вобласць. У сераду мясцовыя ўлады паведамлялі таксама, што жыхароў Шабекіна будуць перавозіць у Варонежскую вобласць.

У чацвер раніцай Гладкоў запісаў паведамленне, у якім сказаў, што падчас інтэнсіўных абстрэлаў эвакуацыя будзе прыпыненая, аднак паабяцаў, што тым, каму трэба будзе з'ехаць тэрмінова, дапамогуць.

Гладкоў адмаўляў паведамленні аб пранікненні баявых груп з Украіны на тэрыторыю Белгародскай вобласці.

Па сцвярджэнні прадстаўніка Мінабароны Расіі, вайскоўцы спынілі спробу пранікнення на тэрыторыю Шабекінскага раёна баявых фарміраванняў з Украіны.

На гэтым фоне байцы «Рускага добраахвотніцкага корпуса», які атрымаў вядомасць пасля нядаўняга рэйду праз мяжу Украіны з Расіяй у суседні з Шабекінскім Грайваронскі раён Белгарадчыны, заявілі ў чацвер раніцай, што рыхтуюцца трапіць у Шабекіна. «Зусім хутка будзе мяжа Шабекіна», — заявіў адзін з байцоў гэтага падраздзялення ў апублікаваным відэа.

Пазней ва ўкраінскіх каналах з'явіліся відэа перастрэлкі, якая, як сцвярджалася, ідзе на ўскраіне Шабекіна. Ідэнтыфікаваць месца перастрэлкі цяжка, сцвярджаецца, што баі ідуць у Новай Тавалжанцы і Цітоўцы, двух населеных пунктах на паўднёвы захад ад Шабекіна. Тавалжанка амаль ушчыльную прылягае да мяжы з Украінай.

«Патэлефануйце мне, малю»

У ранішнім паведамленні губернатар Гладкоў казаў, што за мінулыя суткі восем чалавек атрымалі раненні ў выніку абстрэлаў. Пазней з'явіліся паведамленні аб 11 пацярпелых у некалькіх населеных пунктах Шабекінскага і суседняга з ім Грайваронаўскага раёна.

«Дзесяць чалавек паступіла з Шабекінскай гарадской акругі і адзін — жыхар Барысаўскага раёна. Усе атрымалі мінна-выбухныя траўмы рознай ступені цяжкасці. Чатыры чалавекі з 11 знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане», — расказаў інфармагенцтву ТАСС Раман Працэнка, кіраўнік белгарадскай гарадской бальніцы нумар 2.

Сацыяльныя сеткі напаўняюцца аб'явамі ад людзей, якія шукаюць транспарт для таго, каб з'ехаць. «Калі ласка, дапамажыце забраць пажылога чалавека з Шабекіна. Хоць бы да Белгарада, мы туды прыедзем, забярэм. Патэлефануйце мне, малю», — абвяшчае адно з тыповых аб'яваў.

«Перакладнымі шляхамі жыхароў вывозяць»

Уражанні ад таго, як арганізаваны выезд з горада, у жыхароў Шабекіна розныя. «Мая сваячка — адна з тых, хто, не чакаючы, калі з ёй звяжуцца, выйшла разам з суседзямі на прыпынак і цяпер ужо едзе разам з імі за межы горада, — цытуе РБК адну з жыхарак, Юлію. — Яны перакладнымі шляхамі жыхароў вывозяць, і старым, і малым — усім дапамагаюць».

Ганна, іншая жыхарка, спрабуе дамовіцца аб вывазе нямоглай сваячкі.

«Свякроў ляжачая, пасля інсульту. Вывезці няма каму. Горад зараз зноў пад абстрэлам. Сувязі няма. Да адміністрацыі зараз не датэлефанавацца. Звярталіся яшчэ ўчора ў адміністрацыю. Адказалі, што ў Маскоўскую вобласць — да нас — не павязуць.

Улады Расіі пакуль не каментавалі сітуацыю па сутнасці.

Прэс-сакратар прэзідэнта Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расійскі лідэр «у сувязі з сітуацыяй вакол Шабекіна пастаянна атрымлівае даклады з Міністэрства абароны, пагранслужбы, ФСБ, МНС».

Сам Пуцін праводзіў дыстанцыйную нараду ў гонар Дня абароны дзяцей. Сказаў, што верыць у дзеда Мароза, і што той важнейшы за яго. 

Чытайце таксама:

Жыхары Шабекіна скардзяцца, што не могуць датэлефанавацца да гарачай лініі па эвакуацыі

Nashaniva.com