Маці палітвязня, загадчыцу кафедры юрфака БДУ, паклікалі на судзейскае свята, але абрэзалі на выніковых фота 

Сёння першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч уручаў узнагароды на юрфаку БДУ. Туды паклікалі загадчыцу кафедры экалагічнага і аграрнага права Тамару Макараву, маці палітвязня — тры месяцы таму яе сына, былога адваката Міхаіла Макарава, асудзілі за ўдзел у пратэсце. Але на справаздачных фота для сайта суда яе абрэзалі. 

29.05.2023 / 15:21

Тамара Макарава справа. Фота: тэлеграм-канал Вярхоўнага суда

Адваката Міхаіла Макарава затрымалі ў верасні 2022-га, а асудзілі ў сакавіку 2023-га на год калоніі па 342 артыкуле («актыўныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. 

Макараў паходзіць з сям'і юрыстаў. Яго жонка адвакат, маці і брат — юрысты. 

Маці Міхаіла, Тамара Макарава, загадчыца кафедры экалагічнага і аграрнага права юрфака БДУ. 

Сёння на юрфаку БДУ прадстаўнікі Вярхоўнага суда ўзнагароджвалі супрацоўнікаў факультэта. Прымеркавана гэта было да 100-годдзя Вярхоўнага суда. 

Тамару Макараву таксама запрасілі. На фота, апублікаваным у тэлеграм-канале суда, яна сядзіць побач з дэканам юрфака Шыдлоўскім і красамоўна глядзіць на тых, хто на сцэне. 

Але вось нюанс: на тых жа фота, апублікаваных на сайце Вярхоўнага суда, Макараву абрэзалі. На фота бачна толькі Шыдлоўскага. 

Скрыншот з сайта Вярхоўнага суда 

Вярхоўны суд Беларусі пасля 2020 года не аспрэчыў ніводнае незаконнае рашэнне судоў па палітычных і каля-палітычных справах. У Вярхоўным судзе судзілі некаторых палітвязняў, каб не даць ім магчымасці падаць апеляцыю. 

Чытайце таксама: 

«Атачыў сябе даносчыкамі». Расказваем пра дэкана юрфака БДУ, са студэнтам якога двойчы запісалі відэа ў духу сілавікоў

Nashaniva.com