Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі

Дырэктара symbal.by і арганізатара 100‑годдзя БНР Паўла Белавуса абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе. Мінскі гарадскі суд сёння вынес яму прысуд — 13 гадоў зняволення.

11.05.2023 / 14:42

Паўлу Белавусу было выстаўлена абвінавачанне адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:

— ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);

— ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак);

— ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь);

— ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем).

Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года і першапачаткова давалі адміністрацыйныя суткі, але з Акрэсціна не адпусцілі, распачалі крымінальную справу.

Працэс пачаўся 20 лютага 2023 года, вяла яго суддзя Жанна Брысіна. 

Першапачаткова суд быў адкрыты, але дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме «з мэтай прадухілення разгалошвання інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі».

Як паведамляў на пачатку студзеня былы начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, у 2011 годзе «абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы».

«Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі», — казаў у студзені Паско.

Чытайце таксама:

У Мінску судзяць Паўла Белавуса. Суд зрабілі закрытым

«Стымуляваў варожасць суайчыннікаў да Радзімы». Абвінавачанне Паўлу Белавусу рыхтык такое, як у сталінскія часы

Што зрабіў для Беларусі Павел Белавус

Nashaniva.com