У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніюш

У Зэльве ўсё ж дэмантавалі помнік Ларысе Геніюш, які стаяў пры мясцовай царкве. Хто аддаў загад на яго ліквідацыю — царкоўныя ўлады ці прадстаўнікі дзяржаўнай «вертыкалі» — пакуль невядома, паведамляе Радыё Рацыя.

30.03.2023 / 12:46

Пра дэмантаж помніка паведаміў унук Ларысы Геніюш Міхась Геніюш, які даслаў фота месца, дзе стаяў помнік.

Яшчэ ўчора была інфармацыя, што помнік прыбіраць не будуць, паколькі дэмантаж не адпавядае заканадаўству. Аднак нехта аддаў загад і помнік фактычна скралі.

Помнік Ларысе Геніюш пры зэльвенскай царкве быў усталяваны з блаславення мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе. Ён фактычна належаў Беларускай праваслаўнай царкве.

Помнік патрабавала ліквідаваць прарасійская актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава. Хоць спярша Зэльвенскі райвыканкам адмовіў, помнік усё ж дэмантавалі.

Nashaniva.com