РПЦ афіцыйна падпарадкавала крымскія епархіі наўпрост Маскве

Руская праваслаўная царква заявіла аб пераходзе крымскіх епархій Украінскай праваслаўнай царквы пад кіраванне Маскоўскага патрыярхату. На анексаваным Расіяй паўвостраве створаная новая мітраполія. Рашэнне прыняў Сінод РПЦ.

07.06.2022 / 15:12

У дакументах Сінода гаворыцца, што гэта зроблена ў адказ на зварот крымскіх епіскапаў для «захавання дзейснай сувязі з цэнтральнай царкоўнай уладай» і ў сувязі з немагчымасцю іх рэгулярных зносін з Украінскай праваслаўнай царквой.

Епіскапы Украінскай праваслаўнай царквы ў Крыме звярнуліся з просьбай прыняць іх у патрыярхат пасля таго, як УПЦ заявіла аб незалежнасці ад РПЦ. З пункту гледжання Масквы, Украінская царква ўваходзіць у РПЦ на правах самакіравання.

На чале Крымскай мітраполіі паставілі 83-гадовага мітрапаліта Лазара (Швяца). Ён нарадзіўся на Валыні, пасвечаны ў святары і епіскапы ў Кіеве, узначальваў парафіі ў Паўднёвай Амерыцы, Цярнопальскай вобласці, Адэсе і Херсоне і ў Сімферопалі.

Крымскія прыходы УПЦ знаходзіліся ў фармальным падпарадкаванні Кіеву ўвесь час пасля анексіі паўвострава ў 2014 годзе. УПЦ перападпарадкаванне крымскіх епархій не каментавала.

Nashaniva.com