Ілюстрацыйнае фота. Andreea Alexandru / AP

Ілюстрацыйнае фота. Andreea Alexandru / AP

Паўночнаатлантычны альянс пачынае ў панядзелак найбуйнейшыя за апошнія дзесяцігоддзі чатырохмесячныя вучэнні Steadfast Defender 2024 («Устойлівы абаронца»), якія сімулююць канфлікт з «практычна роўным праціўнікам», паведамляе Deutsche Welle.

У вучэннях будуць задзейнічаны каля 90 000 чалавек. У іх возьмуць удзел усе краіны НАТА і кандыдат на ўступленне ў альянс — Швецыя.

Манеўры, якія працягнуцца да канца мая, ахопяць еўрапейскую тэрыторыю ад Нарвегіі да Румыніі. Сцэнар манеўраў Steadfast Defender — напад Расіі на тэрыторыю саюзнікаў, які прыводзіць у дзеянне артыкул 5 дамовы NATO аб калектыўнай абароне.

Да гэтага часу самымі буйнымі манеўрамі апошніх дзесяцігоддзяў лічыліся Trident Juncture («Адзіны трызуб»), у якіх у 2018 годзе ўзялі ўдзел больш за 50 тысяч вайскоўцаў.

Апошнія параўнальныя вучэнні НАТА правяло ў 1988 годзе, задзейнічаўшы ў іх больш за 125 тысяч салдат.

Маштабныя вучэнні — гэта дэманстрацыя новай гатоўнасці НАТА

У Steadfast Defender 2024 таксама возьмуць удзел больш за 50 караблёў, ад авіяносцаў да эсмінцаў, а таксама больш за 80 знішчальнікаў, верталётаў і беспілотнікаў і не менш за 1,1 тыс. баявых машын, уключаючы 133 танкі і 533 баявыя машыны пяхоты.

Як заявіў галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі альянсу ў Еўропе Крыстафер Каволі, вучэнні пакажуць, што NATO можа праводзіць і падтрымліваць складаныя аперацыі на сушы, моры, у паветры, кіберпрасторы і космасе «на працягу некалькіх месяцаў, на працягу тысяч кіламетраў, ад Крайняй Поўначы да Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і ў любых умовах».

Са слоў кіраўніка вайсковага камітэта NATO Роба Баўэра, такі маштаб вучэнняў — гэта дэманстрацыя новай гатоўнасці альянсу.

«Гэта рэкордная колькасць войскаў, якую мы можам задзейнічаць і правесці вучэнні ў такіх маштабах, па ўсім альянсе, праз акіян, ад ЗША да Еўропы», — сказаў ён.

Акрамя таго, кіраўнік вайсковага камітэта падкрэсліў, што вайна — справа не толькі вайскоўцаў: «Калі справа даходзіць да вайны, як мы бачым ва Украіне, — гэта закранае ўсё грамадства».

Клас
44
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2