BG Media

BG Media

— Яны відавочна шукалі кампрамат. Сярод студэнтаў ёсць меркаванне, што «пасуць» нават некалькіх выкладчыкаў — не ангажаваных, якія выдзяляюцца больш свабоднымі поглядамі, хоць такіх ва ўніверы засталося зусім няшмат. Увогуле, яны (супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗіК) заявіліся спачатку ў галоўны корпус, там, наколькі я ведаю, затрымалі некалькі чалавек з фізмата, а потым, ужо бліжэй да вечара, наляцелі ў інтэрнат.

І гэта быў сапраўдны трэш. Яны ўрываліся ў пакоі, патрабавалі ў нас тэлефоны, перакульвалі ўсё ўверх дном.

У мяне нічога крамольнага не знайшлі, хоць сякая-такая перапіска ў тэлефоне была, але я звычайна выдаляю лішняе і, наогул, стараюся максімальна абараняць свае акаўнты.

А чацвярых хлопцаў забралі ў ІЧУ, яны дагэтуль, наколькі я ведаю, там знаходзяцца. Ім, па аповедах сваякоў, шыюць «экстрэмізм».

Па словах Арцёма, некаторыя студэнты ВНУ камунікавалі паміж сабой у чаце, які быў створаны як альтэрнатыва афіцыйным каналам універсітэта. Сярод іншага абмяркоўвалі вайну ва Украіне, што яна незаконная, несправядлівая, а Пуціна і Расію называлі агрэсарамі.

Хтосьці, відаць, выдаў або вылічыў актывістаў чата, адсюль — увесь гэты хапун, які зладзілі гэбэшнікі.

— Наколькі мне вядома, там былі і хлопцы, і дзяўчаты. Мы ў групах, тым больш на занятках, стараемся пра палітыку не гаварыць. Бо далёка не ўсе студэнты, тым больш выкладчыкі, гатовыя падтрымліваць гэтую дыскусію, а некаторыя, наадварот, на баку Пуціна і Лукашэнкі. Таму, каб нікога і нічога не правакаваць, студэнты з выразнай грамадзянскай пазіцыяй абмяркоўваюць гэта ў чатах. Але калі першапачаткова, дапусцім, год таму, такія чаты налічвалі максімум па 15-20 чалавек, то сёння ў іх ужо сотні, нават тысячы ўдзельнікаў. З гэтым, на мой погляд, можна звязваць цікавасць да нас з боку сілавікоў і іх лютую актыўнасць.

Як лічыць Арцём, ніякіх фатаграфій з нацысцкай сімволікай ніхто не выкладваў. Яны з'явіліся ўжо ў дзень хапуна. Відаць, аўтарам гэтага «спектакля» трэба было паказаць, што ў БрДУ сфармавалася ледзь не нацысцкае логава, а студэнты «вельмі любяць Гітлера».

— Пуцін і ягоная гоп-кампанія ж таксама тлумачылі сваё ўварванне ва Украіну пошукам нацыстаў і неабходнасцю весці з імі непрымірымую барацьбу. Так што тут усё зразумела і знаёма. Абсалютна ясна, чый почырк, — з горкай іроніяй кажа суразмоўца.

Ён таксама не выключае, што праз нейкі час, хутчэй нават праз некалькі дзён, мы ўбачым чарговую порцыю відэа, якое прапагандысты з КДБ запішуць (альбо ўжо запісалі) з затрыманымі студэнтамі.

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
58