Віталія Бандарэнка і Анатоль Старасвецкі. Фота: праваабаронцы, сацсеткі

Віталія Бандарэнка і Анатоль Старасвецкі. Фота: праваабаронцы, сацсеткі

Як дзяўчына з'ехала і нечакана вярнулася

Віталія Бандарэнка цяпер у гомельскай калоніі №4. Яе асудзілі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года ў Брэсце. Дзяўчыне на той час толькі споўнілася 18 гадоў, гэта былі яе першыя выбары. Падчас акцыі пратэсту, калі на вуліцы яе роднага горада выйшла некалькі тысяч чалавек, яна кінула ў бок міліцыянтаў камяком зямлі, потым — двойчы — камянямі. Ані разу не трапіла. Калі Віталія ішла дадому, яе затрымалі. Некалькі сутак дзяўчына правяла за кратамі, але яе вызвалілі да суда.

Судовы працэс над першымі дзесяццю пратэстоўцамі пачаўся ў сярэдзіне лютага 2021-га, аднак да таго Віталія змагла з'ехаць за мяжу. І нечакана вярнулася, каб развітацца са сваім хлопцам, распавядае цётка дзяўчыны Юлія:

«Я даведалася пра гэта выпадкова: мне патэлефанавала класная кіраўніца старэйшага сына і спытала, чаму ён прапускае школу. Яны з Віталінай — так пляменніцу называлі ўсе родныя, а імя «Віталія» значылася толькі ў дакументах — сябравалі з дзяцінства. Сын не хацеў мне казаць, у чым рэч, але ўрэшце прызнаўся, што Віталіна праз сяброўку зняла кватэру і прыехала развітацца са сваім тагачасным хлопцам, Дзянісам Хазеем.

Яго таксама судзілі па той самай справе, што і Віталіну, ужо ішоў судовы працэс, але хлопец быў непаўналетні, таму заставаўся на волі.

Разам з Дзянісам, сяброўкай і маім сынам пляменніца была на той здымнай кватэры. Я загадала, каб яны зараз жа сыходзілі адтуль, але Віталіна перахавацца не паспела — яе затрымалі ў двары. Гэта было на трэці дзень па яе вяртанні, 1 сакавіка 2021 года».

Стасункі з Дзянісам перапыніліся падчас зняволення

З Дзянісам Хазеем Віталіна пазнаёмілася падчас навучання ў Высокаўскім сельскагаспадарчым каледжы ( Высокае — мястэчка ў Камянецкім раёне, за 45 км ад Брэста). 17-гадовага хлопца асудзілі праз 10 дзён пасля затрымання Віталіі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) — тры гады калоніі.

Віталію спачатку трымалі ў Брэсцкім ІЧУ, потым перавялі ў следчы ізалятар.

«Перапісвацца Віталіне і Дзянісу не дазвалялі. Дапамагалі сваякі: яна пісала ў лістах да нас некалькі радкоў для Дзяніса, а ўжо мы перапісвалі іх на асобны аркушык і дасылалі яму ў калонію. Падобным чынам была наладжана і зваротная сувязь, але праз нейкі час Віталіна напісала мне, што стасункі з Дзянісам разладзіліся, што яна не бачыць з ім супольнай будучыні. На той час яна была ў вельмі прыгнечаным стане, бо ўжо паўгода была за кратамі.

У Брэсцкім СІЗА яна сядзела разам з Палінай Шарэнда-Панасюк, яна натхняла Віталіну сваёй нязломнасцю. Але ж Віталіне было ўсяго 18, не было ў яе яшчэ столькі маральных сілаў, як у Паліны. Яе часта каралі за непадпарадкаванне, і яна шмат плакала»,

— прыгадвае цётка палітзняволенай.

Былі і іншыя непрыемнасці, кажа Юлія. Прыкладам, аднойчы вярнулася харчовая пасылка, якую дасылалі Віталіі — нібыта яна не мела на яе права. Потым высветлілася, што мела, і пасылку давялося збіраць нанова, бо нейкія прадукты паспелі сапсавацца… Некаторы час ад дзяўчыны не было лістоў, а потым тэлефонны званок дадому, і яна пытаецца ў маці: «Ты ж да мяне заўтра прыедзеш?» Аказалася, ім дазволілі спатканне, а лісты, дзе Віталія пісала пра гэта, да маці не дайшлі.

З будучым мужам пазнаёмілася па перапісцы

«Ён аднекуль даведаўся пра Віталіну і пачаў ёй пісаць, — кажа сваячка пра цяперашняга мужа дзяўчыны. — І гэта былі не проста лісты накшталт «ну, ты там трымайся».

Анатоль знайшоў яе здымкі ў сацыяльных сетках і пачаў сам фатаграфавацца ў тых мясцінах, дзе фатаграфавалася яна. І пісаў, да прыкладу: «Ты пакуль не можаш сюды прыйсці, дык я за цябе прыйду». І дасылаў ёй здымкі, дзе ён у тых самых позах, як яна. Або фатаграфаваў для яе коцікаў — ён ведаў, што Віталіна вельмі іх любіць.

І не проста любіць — яна падбірала хворых кацянят на вуліцы, прыносіла іх дахаты, яны з бабуляй іх даглядалі, лячылі. І Віталіну аднойчы лячылі — падхапіла лішай, але адгаварыць ад «ветэрынарнай дапамогі» так і не змаглі».

Віталія Бандарэнка. Фота: сямейны архіў

Віталія Бандарэнка. Фота: сямейны архіў

На думку родных, будучы муж спадабаўся ёй сваім аптымізмам і ўвагай. «Ёй не патрэбныя былі ад хлопцаў нейкія дарагія падарункі, але яна вельмі цаніла, калі ёй робяць нешта прыемнае», — зазначае спадарыня Юлія.

Анатоль Старасвецкі не толькі перапісваўся з Віталіяй — ён пазнаёміўся з яе мамай (бацька дзяўчыны памёр, калі ёй было 5 гадоў), пасябраваў з яе бабуляй. Ён часта прыязджаў у Брэст, яны разам рыхтавалі перадачы, шмат размаўлялі. Анатоль адразу шчыра расказаў пра свае няпростыя сямейныя акалічнасці — што ён нарадзіўся ў Мінску, што там у яго ёсць сваякі, але сувязяў з імі ён не падтрымлівае ўжо больш за 15 гадоў, што даўно жыве самастойна. Нейкі час працаваў у Расіі, потым вярнуўся ў Беларусь, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам.

Расказаў і пра тое, што ў 2020 годзе быў аштрафаваны за ўдзел у пратэстах. А пазней, ужо ў 2021-м, трапіў на суткі як былы палітычны: міліцыянты затрымалі яго з улёткамі, але не разабраліся, што гэта была рэклама рамонтных паслуг, бо Аляксей працаваў «майстрам на гадзіну». У пратаколе запісалі, што ён бегаў па двары, крычаў «Жыве Беларусь», свяціў ліхтарыкам у вокны і тым самым заклікаў людзей выйсці на мітынг… Вынік — 15 сутак арышту, страта замоваў ад кліентаў і тыдзень лекавання, бо ў ІЧУ было вельмі халодна, увесь час былі адчынены вокны, а на дварэ — канец сакавіка.

Да роспісу маладыя ні разу не бачылі адно аднаго

Анатоль перапісваўся з Віталіяй каля года. І аднойчы дзяўчына ў тэлефоннай размове сказала, што яны вырашылі распісацца. Маці не пярэчыла: сур'ёзны хлопец, на 10 гадоў старэйшы, самастойны. Не была супраць нават бабуля, хаця яна даўно марыла ўбачыць адзіную ўнучку ў белай вясельнай сукенцы. Маўляў, калі Віталіне так лягчэй, то і няхай распішуцца — за кратамі і так мала радасцяў.

Потым адна з былых сукамерніц распавяла, як усё прайшло.

Не было не толькі ўрачыстага ўбору — нявеста ўвогуле нікому не сказала, што ў яе наперадзе важная падзея. Як звычайна, працавалі на «промцы», прыйшла наглядчыца і кудысьці яе павяла. Калі Віталія праз гадзіну вярнулася, усе адразу заўважылі, што ў яе незвычайна радасны настрой. Але пра тое, што выйшла замуж, сказала толькі адной дзяўчыне, з якой сябравала — па вялікім сакрэце.

«Для яе найбольш цяжка за кратамі, што нельга давяраць людзям. Было некалькі эпізодаў, калі яна падзялілася з сукамерніцай сваімі рэчамі, і іх за гэта пакаралі. Адной дзяўчыне, прыкладам, яна дала запасны стрыжань, бо ў яе скончыўся, а праз паўгадзіны збіралі лісты. Гэта, аказваецца, забаронена. Увогуле Віталіна піша, што ёй цяжка, бо яна вельмі адкрыты чалавек, і вельмі шчыры — кажа, што думае. У турме такім нялёгка. Яшчэ напісала аднойчы: «Калі я буду выходзіць, я буду, напэўна, дрэнна пахнуць. Пацярпіце, калі ласка, я адразу ж памыюся, як толькі траплю дахаты. І запішыце мяне адразу ў цырульню і на манікюр, хачу быць прыгожай». Вось такая Віталіна — з аднаго боку, ужо дарослы чалавек, з другога — зусім яшчэ дзіця», — гаворыць цётка палітзняволенай.

Анатоля затрымалі на ганку турмы пасля спаткання з жонкай

Пра тое, што яе мужа затрымалі 7 верасня, Віталія паведаміла родным у лісце, які яны атрымалі роўна праз два тыдні. Напісала, што яе выклікалі ў адміністрацыю і зачыталі, што яе муж знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА. Дзяўчына папрасіла родных, каб сабралі для Анатоля самыя неабходныя рэчы, бо на спатканне ён прыехаў у шортах і майцы, а ў канцы верасня істотна пахаладала.

Родныя Віталіі, для якіх Анатоль Старасвецкі ўжо таксама стаў блізкім, хутка сабралі перадачу. Праз колькі часу атрымалі ад яго ліст з падзякай, але настойлівай просьбай не траціць грошы на перадачы — хлопец пісаў, што больш трэба клапаціцца пра Віталію, а ён даўно прывык абыходзіцца мінімумам.

Прычыны затрымання мужа Віталіі не назвалі. Сам ён у лісце на волю напісаў, што «яны доўга думалі, які артыкул мне даць, і вырашылі, што падыдзе «спрыянне экстрэмізму» (арт. 361-4 КК). У сваякоў Віталіі склалася ўражанне, што гэты ліст некалькі разоў ускрывалі і зноў заклейвалі, і што ён быў не першы, адрасаваны да іх, але ранейшыя не даходзілі.

У чым канкрэтна вінавацяць Анатоля Старасвецкага, застаецца невядомым. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?