Альгірдас Бразаўскас. Фота: Jerry Bergman / Gamma-Rapho via Getty Images

Альгірдас Бразаўскас. Фота: Jerry Bergman / Gamma-Rapho via Getty Images

Разуменне логікі паводзін наменклатуры важнае для разумення працэсаў, якія ідуць ці могуць адбыцца ў сучаснай Беларусі. Але гэтая тэма цяпер знаходзіцца ў цені шмат якіх іншых гістарычных сюжэтаў.

Літоўскі гісторык Саўлюс Грыбкаўскас займаецца даследаваннем гісторыі познесавецкага перыяду Літвы. У сваім інтэрв'ю беларускаму палітолагу Андрэю Казакевічу ён сярод іншага тлумачыць ролю наменклатуры ў працэсах палітычнай трансфармацыі канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў.

Асаблівасці літоўскай наменклатуры

Грыбкаўскас адзначае, што яго даследаванне не дазваляе гаварыць аб тым, што працэсы перабудовы нейкім чынам прывялі да зменаў у літоўскай наменклатуры. Калі глядзець у больш далёкай перспектыве, то для літоўскай наменклатуры вельмі важна было мець сувязь з народам.

Гэта тлумачыцца тым, што з-за сваёй малалікасці і неўплывовасці яна была вельмі ўразлівай. Гэта адрознівае яе ад беларускай, якая мела падтрымку ў ЦК КПСС у асобе Кірылы Мазурава (былы першы сакратар ЦК КПБ. Быў членам Палітбюро ЦК КПСС у 1965-1978 гадах).

У савецкіх «нацыянальных рэспубліках» існаваў інстытут другога сакратара — пасада, на якую дасылаліся асобы з Расіі. «Гэты чалавек адказваў за падбор кадраў. Ён меў вялікі ўплыў і кантраляваў у тым ліку дзейнасць першага сакратара ды іншых наменклатурных работнікаў».

Але з другога боку, другі сакратар змякчаў палітыку першага сакратара, рабіў яе менш аўтарытарнай.

«Першы сакратар не мог быць аўтарытарным, бо калі нешта здарыцца, то скаргі праз другога сакратара дасягнуць Масквы. І будуць непрыемнасці. Гэта рабіла кіраванне больш дэмакратычным, калегіяльным».

Літоўская наменклатура і рух за незалежнасць

У той жа час літоўская наменклатура не магла ігнараваць грамадскую думку ў імкненні да незалежнасці. Гісторык тлумачыць, як адбылося аб'яднанне наменклатуры і дэмакратычнага руху:

«Наменклатура знайшла супольнага ворага. Ім стаў другі сакратар — пасланнік Масквы. «Давайце збяромся з сіламі і выганім яго», — гэта становіцца супольнай мэтай як «Саюдзіса», так і літоўскай наменклатуры. «Калі б не Масква, мы б добра жылі. Нам неабходна даць самакіраванне, каб мы рашалі пытанні эканамічнага развіцця», — гаварыла наменклатура. Гэта быў крок да незалежнасці».

У выніку другім сакратаром быў прызначаны Уладзімір Бярозаў, які быў мясцовым выхадцам з рускай сямʼі. Масква яго прызначэння не прыняла. «А калі Масква не прымае, то Бярозаў становіцца самым вялікім рэфарматарам у літоўскай кампартыі. Ён выступае за тое, каб яна аддзялілася ад саюзнай».

Бярозаў ідзе на канфлікт з Масквою. А калі першым сакратаром ЦК кампартыі Літвы Бразаўскаса [1988 год] падштурхоўвае яго прыслухоўвацца да таго, што кажуць больш радыкальныя нізавыя партыйныя арганізацыі ва ўніверсітэтах, Акадэміі навук.

І літоўская кампартыя становіцца першай, якая ў снежні 1989 года аддзяляецца ад КПСС. У выніку яна атрымлівае шмат бонусаў у вачах грамадства. Тым не менш, прайграе [парламенцкія] выбары ў лютым 1990 года. І становіцца апазіцыяй».

Саулюс Грыбкаўскас Saulius GrybkauskasСаулюс Грибкаускас

Гісторык Саўлюс Грыбкаўскас. Скрыншот з відэа

Лёс наменклатуры пасля аднаўлення незалежнасці

Гісторык згадвае, што пасля студзеньскіх падзей 1991 года ўрад Казіміры Прунскене, намеснікам якой быў былы першы сакратар кампартыі Літвы Альгірдас Бразаўскас, склаў паўнамоцтвы.

На выбарах 1992 года былыя камуністы атрымалі поўную перамогу. «Яны нават не чакалі, што такое можа атрымацца. Нават не хапала людзей, каб заняць усе месцы ў парламенце. Потым былі прэзідэнцкія выбары 1993 года. І Бразаўскас перамагае ў першым туры».

Грыбкаўскас адзначае, што адбыліся цікавыя змены ў Камуністычнай партыі. Яна пераўтвараецца ў ДПТЛ (Дэмакратычную партыю працы Літвы). Партыя шукае магчымасці кантактаў з сацыял-дэмакратамі.

«Неабходна была міжнародная палітычная фармалізацыя, каб прызнавацца на міжнародным узроўні як сацыял-дэмакратычная партыя, а не як экс-камуністы», — тлумачыць гісторык.

Аб'яднанне ДПТЛ і Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі адбылося ў 2001 годзе. Была створана Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы. Дасюль гэтая партыя мае вялікі ўплыў у палітычным жыцці Літвы. 

Чытайце яшчэ:

Пятро Краўчанка: Улёткі Бразаўскаса друкавалі ў Мінску

Прэзідэнт Літвы ў анкеце не ўказаў, што ў 1988 годзе ўступіў у кампартыю

Штурм віленскага тэлецэнтра: гісторыя хлусні і прапаганды

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?