Мацвей Купрэйчык Матвей Купрейчик Matvey Kupreichik

Мацвей Купрэйчык падчас інтэрв'ю. Скрын відэа TOK_talk / YouTube

Пра сына міністра ўнутраных спраў Кубракова

Мацвей Курэйчык згадвае, што вучыўся разам з сынам Кубракова Вовам у Акадэміі МУС на адным патоку.

«У Акадэміі ён быў харошым хлопцам. Мы з ім некалькі разоў перасякаліся ў нарадах па сталовай, стаялі на так званай «дыджэйцы» (калі перадаюць талеркі з недаедкамі і табе трэба вельмі хутка скінуць іх у асобны кацёл і паставіць у пасудамыйку)», —

распавядае Купрэйчык.

Па яго інфармацыі, Уладзімір Кубракоў цяпер працуе начальнікам крымінальнай міліцыі ў Цэнтральным РУУС Мінска.

«Званне ў яго цяпер капітан ці маёр. І атрымліваецца, што для такой пасады гэта вельмі нізкае званне. І ўсім усё зразумела — сын міністра становіцца на высокую пасаду. А дзе досвед працы? Калі той самы начальнік крымінальнай міліцыі адначасова адказвае за крымінальны вышук, наркакантроль, аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

Ён падпісвае пастановы на правядзенне аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Гэта павінен быць каласальны вопыт, каб разбірацца, дзе якая справа, што за чым і чаму. І тут яго ставяць. Вось карупцыя ў сваім сапраўдным выглядзе».

Пра пляменніка Ігара Шуневіча

Акрамя сына Кубракова, на адным патоку з Купрэйчыкам вучыўся пляменнік былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча Павел. «Таксама быў нармальны хлопец», — характарызуе яго Мацвей і згадвае цікавы момант.

«Калі Шуневіч прыязджаў у Акадэмію, то любіў прайсціся па распалажэннях курсантаў. Наш курсавы заўсёды ішоў на хітрасць. Ён у гэты дзень ставіў у нарад Пашу Шуневіча. Ён стаяў «на тумбачцы» перад дзвярыма. Заходзіць міністр, а яму дае справаздачу яго пляменнік. Зразумела, што міністр ужо нікуды далей не хадзіў і не правяраў».

Па словах Купрэйчыка, цяпер пляменнік Шуневіча зʼяўляецца супрацоўнікам КДБ і працуе ў беларускім пасольстве ў Егіпце.

Чаму Вольга Чамаданава пайшла на цывільную пасаду

Гаворачы па былую прэс-сакратарку МУС Вольгу Чамаданаву, якая ў 2021 годзе была прызначана начальніцай упраўлення па ідэалогіі і справах моладзі Мінскага гарвыканкама, Мацвей Купрэйчык заўважыў, што «гэта не павышэнне». На яго погляд, гэта перамяшчэнне кшталту «павысіць, каб пра яе ўсе забыліся» і сама Чамаданава «цудоўна пра гэта ведае».

Вольга Чамаданава Ольга Чемоданова Olga Chemodanova

Вольга Чамаданава. Скрын відэа АНТ

Па словах Купрэйчыка, былую прэс-сакратарку падчас яе службы ў міліцыі называлі Чамаданіхай. Яе каментары часта бывалі больш прыхарошаныя, чым трэба.

Як папярэдзіў калег пра праслушку, а тыя здалі яго

Калі «Кіберпартызаны» ўзламалі базы даных, да іх у рукі таксама патрапілі запісы размоў, якія праслухоўваліся.

«Я знайшоў там праслушку на траіх сваіх былых калегаў, — кажа Купрэйчык. — І на той момант, не разабраўшыся, я палічыў, што іх слухаюць з-за мяне. Бо гэта былі якраз тыя людзі, з якімі я дастаткова блізка камунікаваў. З некаторымі мог мець нейкія справы пасля працы. І я гэтым людзям адправіў інфармацыю: «Хлопцы, будзе асцярожныя. Вы «вісіце на гуку».

Двое з іх пайшлі і распавялі кіраўніцтву, што я ім такое напісаў. А яшчэ адзін увогуле ў КДБ пайшоў з перапіскай і паказаў: «Глядзіце, што мне тут прыслалі. Я, калі што, да гэтага дачынення не маю».

«Вось так яно ўсё павярнулася», — канстатуе былы сілавік.

Глядзіце цалкам:

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?