Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Вывучэнне помніка гісторыі на рацэ Менцы сёлета прынесла археолагам шмат знаходак. Цяпер у глыбіні вала знайшлі драўляныя клеці, якія дапамогуць з дакладным датаваннем гарадзішча.

Таксама навукоўцы побач са зрубамі знайшлі драўляную маставую. Невялікі ўчастак праходзіць папярок вала і захаваўся да нашых дзён дзякуючы вільготнай глебе.

Уязная брама ў Менск

«Гэта праход унутры вала. Нават на самых ранніх планах гарадзішча былі пазначаныя тры праходы валаў: два праразаюць вал з поўдня на поўнач і адзін — у паўночна-ўсходняй частцы», — расказаў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч.

Паводле яго слоў, на фотаздымках раскопак 1983 года відаць, што гэты праём дастаткова высокі, літаральна за тры метры ад вяршыні вала была выемка.

«Мы пачалі раскопкі і аказалася, што гэтая выемка — засыпаны праход. Матэрыялы там у асноўным XIX стагоддзя. На дне мы выявілі маставую з часанага бярвення», — адзначыў археолаг. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што яна знаходзіцца на некалькі метраў ніжэй за ўзровень вяршыняў знойдзеных раней драўляных клецяў у вале.

Андрэй Вайцяховіч канстатаваў, што пакуль да канца незразумела, была гэта маставая ўязной брамы ці гэта найпазнейшая прарэзка вала, і гэтая маставая з'яўляецца праходам часоў Вялікага Княства Літоўскага ці Рэчы Паспалітай.

Цяпер археолагам трэба працягваць здымаць пласты глебы, каб убачыць і зразумець, ці была звязаная маставая з клецьмі. Таму што калі яны паміж сабой звязаныя — гэта магла быць менавіта трэцяя ўязная брама.

«Мы возьмем узоры дрэва і правядзем радыёвуглеродны аналіз. Гэта дасць дакладны час збудавання гэтага праходу», — падкрэсліў археолаг.

Старажытная лапата

Андрэй Вайцяховіч сказаў, што, паводле звестак археолага Георгія Штыхава, які даследаваў гарадзішча ў 1984 годзе, максімальная вышыня вала складае 8 метраў.

«Мы цяпер пракапалі 7 метраў 20 сантыметраў, таму нам трэба адкапаць яшчэ 80 сантыметраў», — растлумачыў навуковец.

У адной з клецяў археолагі знайшлі зламаную лапату: дзякуючы вільготнай глебе і гліне яна захавалася цалкам. Гэта першая знаходка драўлянага вырабу за ўвесь час раскопак. Дакладнае датаванне драўлянай лапаты можна будзе атрымаць пасля аналізаў драўніны са зрубаў клецяў, таму што яе кінулі падчас працы там. Пры гэтым візуальна яна дакладна адносіцца да перыяду старажытных княстваў.

Драўляныя клеці ў аснове вала. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Драўляныя клеці ў аснове вала. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Цяпер драўляная лапата знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі, таму што дрэву нельга даваць высахнуць і толькі там навукоўцы могуць стварыць неабходныя ўмовы, каб яе захаваць.

Андрэй Вайцяховіч растлумачыў, што самае страшнае для археалагічных знаходак з дрэва — гэта спякота і сухасць. Таму цяпер за захаванасць драўляных клецяў і маставой можна не баяцца: восеньскае надвор'е пакуль дапамагае даследчыкам. «Мы не будзем разбіраць маставую, таму што трэба пакідаць усе элементы ў тым выглядзе, у якім яны ёсць. Мы будзем капаць побач і глядзець па профілі, як усё было ўладкавана», — удакладніў ён.

У ходзе раскопак павінны будуць заглыбіцца ў вал на 8 метраў. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

У ходзе раскопак павінны будуць заглыбіцца ў вал на 8 метраў. Фота: Віктар Талочка / Sputnik

Археолаг звярнуў увагу, што ў аснове вала ляжаць класічныя драўляныя зрубы часоў старажытных княстваў. Зараз трэба дачакацца вынікаў радыёвуглероднага аналізу і дэндралагічнага, каб пацвердзіць іх прыналежнасць да гэтага перыяду.

Чытайце таксама:

Прэм'ер Галоўчанка пра будучы музей на Менцы: Гэта месца павінна стаць візітнай карткай Мінска

Археалагічны комплекс на Менцы абяцаюць зрабіць новым брэндам Беларусі

«Немагчыма паставіць вартаўніка ля кожнага помніка». Археолаг расказаў пра нечаканыя знаходкі і праблему чорных капачоў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?