Топ-3 беларускіх гарадоў

Генадзь Коршунаў патлумачыў, што даследаванне «Барометр беларускіх гарадоў 2023» грунтуецца на выніках апытання, а не на аналізе статыстыкі, бо ім хацелася пабачыць суб'ектыўнае ўспрыняцце гарадоў жыхарамі.

«Апытанне жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі праводзілася сёлета 20-23 траўня, у ім узялі ўдзел 1966 чалавек — жыхароў сталіцы, абласных цэнтраў і буйных гарадоў, малых гарадоў з насельніцтвам ад 20 да 100 тысяч чалавек і мястэчак з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек. Адзіная папраўка — што быў «перакос» у пратэсны, прадэмакратычны сегмент беларускага насельніцтва. Аднак мы лічым, што гэта зусім не загана, бо гэта найбольш актыўная частка жыхароў Беларусі, якая больш ведае, мае, што з чым параўнаць, адказваючы на пытанні», — патлумачыў Генадзь Коршунаў.

Паводле вынікаў даследавання,

жыхары Беларусі назвалі найлепшым горадам для жыцця Брэст, на другім месцы — Гродна, а Мінск апынуўся толькі на трэцім месцы.

Даследчык адзначае, што ў «Рэйтынгу беларускіх гарадоў» (які Цэнтр новых ідэй складаў раней на падставе афіцыйнай статыстыкі — улічваліся паказчыкі дэмаграфіі, эканомікі, якасці жыцця) тройка лідараў тая самая, але ў зваротным парадку: на першым месцы Мінск, потым Гродна і Брэст.

Скрыншот з прэзентацыі

Скрыншот з прэзентацыі

Адыграла ролю суб'ектыўная ацэнка мясцовых жыхароў

Генадзь Коршунаў патлумачыў, што апытанне праводзілася паводле двух аспектаў:

— як жыхары Беларусі ацэньваюць умовы жыцця ў сваім населеным пункце (па такіх паказніках, як жытло і праца; лагістыка; ахова здароўя; умовы для дзяцей; адукацыя; сацыяльная сфера; культура, адпачынак, спорт);

— як беларусы ставяцца да свайго месца жыхарства — ці падабаецца чалавеку жыць у канкрэтным населеным пункце, ці можа ён сказаць, што ганарыцца сваім горадам або мястэчкам, як ацэньвае яго і ці хацеў бы ён пераехаць у іншае месца ў межах Беларусі.

Жыхары Брэста адзначылі і добрыя ўмовы для жыцця, і агульнае ўспрыманне горада як перспектыўнага і прывабнага сваім іміджам. Што да Гродна, то гэты горад прызнаны мясцовымі жыхарамі як населены пункт, якім можна ганарыцца, — па паказніках патрыятычнага стаўлення гродзенцы перамаглі жыхароў Брэста, аднак выразна ніжэй ацанілі ўмовы жыцця.

На трэцім месцы апынуўся Мінск, за ім Пінск і Гомель, што да астатніх абласных цэнтраў, то Віцебск апынуўся на 14-м месцы, а Магілёў — на 23-м.

Дарэчы, паводле «Рэйтынгу беларускіх гарадоў», які базаваўся на такіх статыстычных характарыстыках, як дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі, пазіцыі абласных цэнтраў размеркаваліся так: першае месца заняў Мінск, за ім Гродна і Брэст, Віцебск апынуўся на 6-м месцы, Гомель — на 9-м, Магілёў — на 18-м.

Жыхары Брэста перадусім згадвалі ў адказах якасныя ўмовы для баўлення вольнага часу і перспектывы, а жыхары Гродна — прывабны імідж і нежаданне кудысьці з'язджаць.

«Можна было б чакаць, што Мінск зойме першае месца, але ён «праваліў» такія паказнікі, як задаволенасць працай, дзіцячымі ўстановамі і такі важны складнік, як гонар за свой горад», — зазначыў Генадзь Коршунаў.

«Гарады-расчараванні» і «Месцы роспачы»

Паводле Генадзя Коршунава, беларускія населеныя пункты, якія трапілі ў даследаванне, можна размеркаваць на 4 катэгорыі, якія адрозніваюцца поглядам мясцовых жыхароў на якасць жыцця, прывабнасць горада ці мястэчка і перспектывы ў будучыні. Гэта «Гарады для жыцця», куды трапілі пераможцы апытання, а таксама «Гарады энтузіястаў», «Гарады-расчараванні» і «Месцы роспачы».

«Гарады для жыцця» — гэта населеныя пункты, дзе ўмовы ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па краіне, і агульная ацэнка задаволенасці таксама вышэйшая за сярэднюю. У «Гарады энтузіястаў» трапілі населеныя пункты, дзе ўзровень жыцця ацэньваецца ніжэй за сярэдні, але мясцовыя жыхары іх усё адно любяць і ганарацца.

«Гарады-расчараванні» — тыя, дзе сітуацыя адваротная: умовы для жыцця нібыта добрыя, але па перспектывах развіцця і па патрыятызме мясцовых жыхароў паказнікі ніжэйшыя за сярэднія па Беларусі. Такімі назвалі, напрыклад, Бабруйск і Салігорск. «Месцы роспачы» — гэта калі і ўмовы для жыцця месцічаў не задавальняюць, і падставаў для гонару і любові ў іх няма. З вялікіх гарадоў сюды трапілі Магілёў, Орша, Барысаў, Маладзечна.

Скрыншот з прэзентацыі

Скрыншот з прэзентацыі

Падрабязней рэйтынг і катэгорыю, куды трапілі канкрэтныя населеныя пункты розных рэгіёнаў Беларусі, можна паглядзець у матэрыялах даследавання.

Уплыў падзей 2020 года і вайны ва Украіне

Даследчыкі (апроч Коршунава, рэйтынг прэзентавалі даследчык Міхаіл Мацкевіч і старшыня рады агенцыі падтрымкі ўстойлівых гарадоў і супольнасцяў «Інтэракцыя» Іван Шчадранок) адзначылі, што на ацэнкі якасці жыцця паўплывалі і знешнія, і ўнутраныя падзеі. У прыватнасці, рэпрэсіі пасля пратэстаў 2020 года і вайсковыя дзеянні ва Украіне. Апошняя акалічнасць найбольш датычыцца жыхароў паўночнага ўсходу краіны, дзе не бачылі ні перамяшчэнняў тэхнікі, ні іншых прыкметаў вайны. Таму яны найбольш паддатныя прапагандзе, лічыць Генадзь Коршунаў:

«Няхай у родным мястэчку развалены мост і кепскія дарогі, але па тэлевізары паказваюць выбухі і смерць. На гэтым фоне людзі часта і ацэньваюць свае жыццёвыя ўмовы як досыць добрыя. Але адначасова яны не дэманструюць любові да сваіх мясцінаў. І тут таксама «заслуга» прапаганды: калі людзям увесь час паўтараюць, што гісторыя краіны пачынаецца з 1941-га або з 1939 года, то на гэтым не выбудуеш падставаў для гонару і патрыятызму».

Наступствы рэпрэсій, якія распачаліся з 2020 года і не спыняюцца дагэтуль, не маглі не паўплываць на настроі гарадскіх жыхароў, зазначае даследчык:

«Згодна з суб'ектыўнымі меркаваннямі жыхароў, у катэгорыі «Гарады расчараванні» і «Месцы роспачы» трапілі такія буйныя прамысловыя цэнтры, як Барысаў ці Салігорск. Здавалася б, менавіта там жыхары мусілі б бачыць аптымістычныя перспектывы. Але пасля падзей 2020 года ў гэтых гарадах пачаліся рэпрэсіі ў дачыненні да найбольш актыўнай часткі насельніцтва, і таму ў адказах рэспандэнтаў пануюць адчуванні расчаравання і роспачы.

Штосьці падобнае адчуваюць і жыхары Мінска: яны бачаць і рэпрэсіі, і тое, што за апошнія гады зніклі культурніцкія пляцоўкі, рэстарацыі, крамы, што людзі з'язджаюць за мяжу. Гэта таксама не надае любові і павагі да свайго горада».

Клас
11
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
6

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?