Дар'я Заяц. Фота: яе старонка ў інстаграме

Дар'я Заяц. Фота: яе старонка ў інстаграме

Адной з загінулых, Дар'і Заяц, было 27 гадоў. Дзяўчына скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў у 2015 годзе. Пасля паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць «графічны дызайн».

Увесь гэты час дзяўчына працавала графічным дызайнерам. Спачатку ў дызайн-студыях, а ў апошні год перайшла ў IT, у кампанію Glera Games, якая распрацоўвае мабільныя гульні.

Сярод іншага дзяўчына была ілюстратаркай дзвюх беларускамоўных кніг: зборніка казак «12 месяцаў. Жнівень» ад «Мастацкай літаратуры» і кнігі «Казачны кут» ад прыватнага выдавецтва.

Кнігі, ілюстраваныя Дар'яй Заяц

Кнігі, ілюстраваныя Дар'яй Заяц

У адпачынак дзяўчына паехала ў Турцыю. Дар'я купіла палёт на параплане з інструктарам. На вышыні 800 метраў параплан пачаў губляць вышыню і разбіўся. Дзяўчына загінула, а інструктар у цяжкім стане ў рэанімацыі лякарні Аланьі. Паліцыя праводзіць расследаванне.

Другая загінулая — 24-гадовая айцішніца Вікторыя Калавусава. Дзяўчына таксама родам з Магілёва. Яна скончыла спачатку Сацыяльна-гуманітарны каледж імя Куляшова, а пасля Беларуска-расійскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі». Працавала ў кампаніі «Сотбіт».

Апошнім часам дзяўчына жыла ў Грузіі, у горадзе Батумі. Яе сапраўдным захапленнем быў ровар, і яна ўдзельнічала ў аматарскіх спаборніцтвах і марафонах, рэгулярна займаючы прызавыя месцы. Таксама вельмі любіла падарожнічаць.

Згодна з інфармацыяй з турэцкіх медыя, Вікторыя з сябрам патрапілі ў ДТЗ: яны ехалі на ровары, і іх на вялікай хуткасці збіла машына.

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
119
Абуральна
4